ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ А́ЗІЯ,

прыродная краіна, якая ахоплівае ўнутрымацерыковую Азію, у межах Кітая і Манголіі. Пл. каля 6 млн. км². Пласкагор’і і раўніны ўтвараюць 2 асн. ярусы: ніжні паўн. вышынёй 500—1500 м (Гобі, Алашань, Ордас, Джунгарская раўніна і Кашгарская раўніна) і верхні паўд. вышынёй 4000—4500 м (Тыбецкае нагор’е). Яны раздзелены ці акаймаваны высокімі хрыбтамі Цянь-Шаня, Куньлуня, Наньшаня, Каракарума, Гандысышаня і інш. вышынёй больш за 5000 м (найб. выш. 8611 м, г. Чагары ў Каракаруме).

Клімат рэзка кантынент., сухі. Ападкаў на раўнінах 50—200 мм, у гарах да 500—1000 мм за год. Сярэднія т-ры студз. ад -10 °C да -25 °C, ліп. 20—25 °C, на Тыбецкім нагор’і каля 10 °C. Пл. зледзянення 50—60 тыс. км². Снегавая мяжа на выш. ад 3500 м на Пн да 6000 м на Пд. Большая ч. тэр. — вобласць унутр. сцёку. Сцёк у акіян маюць толькі ўскраінныя вобласці, дзе бяруць пачатак вял. рэкі Азіі (Янцзы, Хуанхэ, Меконг, Брахмапутра, Інд, Іртыш, Амур і інш.). Шмат азёр, пераважна на Пн МНР і на Тыбецкім нагор’і (Кукунор, Хубсугул, Намца і інш.). Пераважае разрэджаная паўпустынная і пустынная кусцікавая расліннасць, на Пн — стэпавая. У гарах участкі лясоў і лугоў, на Тыбецкім нагор’і — ландшафты халодных пустынь на вечнамярзлотных грунтах. Па далінах рэк — тугайныя лясы. Значную тэр. займаюць саланчакі, такыры, камяністыя паверхні, пяскі, а таксама ландшафты нівальнага пояса, дзе расл. покрыва амаль адсутнічае. Аазіснае земляробства, качавая жывёлагадоўля. З 1993 пасля адмаўлення ад назвы Сярэдняя Азія тэр. краін СНД, што ўваходзілі ў яе (Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан) уваходзяць у Ц.А.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 17, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)